РАГАЧО́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—2-й пал. 18 ст. Пабудаваны з дрэва на месцы гарадзішча стараж. Рагачова 11 ст., на высокім мысе ў сутоку рэк Дняпро і Друць. У 1750—60-я г. замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з 11 ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, сталовую, 5 жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Гал. ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палаца размяшчаліся флігель (8 жылых памяшканняў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гасп. пабудовы. Перад 2-яруснай брамай-вежай (у 1-м ярусе абапал праезда былі 2 каморы, у 2-м — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пач. 1770-х г. замак прыйшоў у заняпад.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)